Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вечаровы настрой

ВЕЧАРОВЫ НАСТРОЙ

Залунаць бы ў тых дзіўных прасторах,
між планет, між празрыстай імглы,
адчуваць цяплыню блізкіх зорак,
бачыць рухі жыцця на Зямлі.

Апусціцца на дно акіяна
да каралаў, дзе шнараць малькі,
стрэць медузу ў кісейным убранні,
даць ласунак мурэне з рукі.

Узабрацца на Кіліманджара,
амуніцыю скінуць з плячэй,
распрастацца і снежным абшарам
ва ўсю моц пракрычаць: “Э-ге-гей!”

Надвячоркам, у нетрах саваны,
засядаць пры спакойным кастры,
назіраць, як цямнее паляна,
як у цернях крадуцца звяры.

Да руля стаць, на вольную вахту,
і, пад чаек няўрымслівы хор,
мчаць па моры бялюткую яхту
да бялюткіх, удалечы, гор.

Зноў быць там, у ружовым узросце,
дакранацца да кволенькіх рук,
мармытаць нешта, поўніцца млосцю,
чуць у сэрцы гарачкавы стук.

Ці б хоць добрым напоем разжыцца,
скаратаць памаленьку з ім час –
і, як мовяць паэты, забыцца,
у падушцы зарыўшы свой фас.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Вечаровы настрой - Фёдар Лашкевіч