Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Паэт! Ужо ты ўсё апеў

Паэт! Ужо ты ўсё апеў:
буслоў, п’янкія ночы,
сняжынкі, месяц, пошум дрэў,
крыніцы, стан дзявочы;

Зязюль куванне, спеласць ніў,
лілеі, расставанні…
Ты толькі аб адным забыў:
аб носа існаванні.

Якога?.. Ведама, таго,
зняслаўленага светам.
Даўно чакае ён свайго
заступніка-паэта.

Усё вакол – не драбяза,
усё – не выпадкова.
Каму, як не табе, сказаць,
пра нос высокай мовай?

Зрабі мінуўшчыны агляд –
і ацані сучаснасць;
дай нос у золь, у снегапад –
і ў цёплы час, у яснасць;

Уважна абмалюй калёр,
адценні, пералівы;
разгледзь як мае быць тургор;
акрэслі перспектывы…

Апей прадмет з усіх бакоў,
на ўсіх яго пуцінах –
і легіёны пінцюхоў
удзячна ў далечы вякоў
тваё прамовяць імя!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Паэт! Ужо ты ўсё апеў - Фёдар Лашкевіч