Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Літабшар. Моманты

У небе – рух. Тварцы сягаюць
на добрых коніках сваіх.
Ды так далёка залятаюць,
што больш і не чуваць пра іх.

Гурбой паэты маладыя,
натхнёныя і дзёрзка-злыя,
куміры (будучыя) мас,
выкрыкваюць: “Парнас – для нас!”

Хады чарговага рамана
празаік сачыняе апантана.
Сядзіць, не дасыпаючы начэй.
І ён – заўважаны, абраны:
вялікі поспех, проста нечуваны,
яго таміны маюць у мышэй.

Маркоціцца стары паэт…
Раней карміўся словам “Ленін”;
цяпер наўкола перамены;
не купіш “Леніным” абед.
А так нядрэнна ад дзяржавы
займець такі-сякі прэзент!
І пачынае творца жвава
накідваць оду – “Прэзідэнт”.
1999 г.


Верш Літабшар. Моманты - Фёдар Лашкевіч