Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Блізу млына, пад калінай

Блізу млына, пад калінай,
дзіўным летнім вечарком,
весялілася гасціна
у прусіхі з прусаком.
Добра ўжо прыняўшы чарак,
адчувалі збытак сіл.
Расцягнуў гармонь камарык,
гэты прыкры нам двухкрыл,-
і пайшло застолле ў скокі.
Матылёк скакаў, пчала,
конік не застаўся збоку,
мошка жару паддала;
тлі каленцы выкідалі,
авадзень скакаў за двух,
каблукамі адбівалі
шэршань, муха, ейны мух;
а дала сараканожка
з чатырох дзесяткаў ног,
дык аж затрашчалі дошкі,
а са сцен пасыпаў мох
(тут у чуйнае прусіхі
грудзі сцяла халадком).
Чмель схіліўся да хрушчыхі
ды паведаў ёй крадком:
“За акенцам блішчуць зоры!
Сыйдзем з гэтай цеснаты.
Я даўно на сэрца хворы,
патаму што ў сэрцы – ты”.
І, пад ціхенькія словы
пра пяшчоту і любоў –
нашага жыцця асновы,-
за парог яе павёў.
Гарманіст кульнуў паўчаркі,
зноўку ціскануў басы.
Хрушч, панок сабой няяркі,
доўга варушыў вусы –
і нарэшце здраду ўнюхаў.
Куляй ён у сад памчаў.
Там чмялю расквасіў вуха,
жонцы копту разарваў.

Не сціхаў на вечарыне
тупат, гоман, тарарам.
Задавалі тон сябрыне
страказа і таракан.
Гаспадыня запрашала
да гарэліцы, вінца –
і яшчэ мацней гучала
“ай-люлі!” ды “гоп-ца-ца!”
Чмель, хоць і смылела вуха,
штось шаптаў ужо асе.
Хрушч, пітвом заліўшы скруху,
хроп за хатай у аўсе.

Расставаліся чын-чынам.
Шмат было падзяк за стол.
Перад слаўным адпачынам
глянулі прусы наўкол.
Тое, гэта, бачаць – страта!
Нізасць! Хамства! Здзек!.. Прасцей,
згінуў гляк пярцоўкі з хаты…
Вось і зазывай гасцей.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Блізу млына, пад калінай - Фёдар Лашкевіч