Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Я збягу

Я збягу,
Дзе асфальт пахне чыстым вясновым даджом,
Дзе вільготная свежасць даруе ад спёкі свабоду,
Дзе бягуць ручаі, і хлапчук са сваім караблём,
Цалкам мокры, у ботах праз лужы – у пошуках броду.

Я збягу,
Дзе разліта чырвонае мора суніц
Дзе ад водара ты не ідзеш – ты ляціш над зямлёю.
Там у звоне пчаліным губляецца сэнс таямніц,
А ўсе кветкі цалуюцца з сонцам вячэрняй парою.

Я збягу,
Дзе не будзе ніколі крывавай вайны,
Дзе са “скрыні” паганай не чутна суседскага гора.
Дзе магутныя выбухі не разарвуць цішыні,
Дзе і ў цішы самой – задушэўная песня сабора.

Я збягу.
Толькі дзе я знайду гэты прывідны край?
Так і знікну навек і да скону не скончу вандроўку.
А пакуль я іду – буду сонца прасіць: не знікай,
Хай напоўняць цяплом прамяні маёй мары скарбонку.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Я збягу - Дзяніс Шпіронак