Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Нарадзіўся Божы Сын

Промень зоркі
з неба ліўся
ў цішыню начных далін.
Нарадзіўся,
нарадзіўся,
нарадзіўся
Божы Сын!

Ён узяў
сабе на плечы
незвычайны, дзіўны лёс.
У абліччы чалавечым
Божы Сын – Ісус Хрыстос.

Ён грахі людзей адкінуў
у той самы цяжкі час,
калі гінуў, калі гінуў
на Галгофе дзеля нас.

Але смерць над Ім не ўладна.
Ён узнёсся, уваскрос.
І спяваем мы суладна:
– Наш Гасподзь – Ісус Хрыстос!

Зорка з неба ярка свеціць,
сее ззянне па зямлі,
каб дарослыя і дзеці
да Хрыста свой шлях знайшлі.

Промень зоркі запаліўся
Самай радаснай з навін:
– Нарадзіўся,
нарадзіўся,
нарадзіўся Божы Сын!


Верш Нарадзіўся Божы Сын - Артур Вольскі