Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ВАНДРОЎКА ДА СВЯТОГА ІААНА КАРМЯНСКАГА. 1. Гомель

Па горадзе, родным стаўшым,
Спяшаю хадой таропкай –
Туды, дзе, ноч недаспаўшы,
Ішла з вінаграднай гронкай
На свята – Праабражэння! –
Па сонным яшчэ праспекце,
З маленнем – аб ачышчэнні,
З прашэннем – каб не памерці,
З літаннем – уратавання! –
Праз слёзы, праз боль, у скрусе…

І мне было – даравана…

І – на ўрачыстым абрусе –
На вінаград і яблык
Упалі жывыя каплі,
А ў сэрцы, болей не ззяблым,
Ужо рассычаўся камень,
і ў кожным яго асклепку,
Такім ледзяным і бязбожным –
Нібы люстравалася Неба,
Пяшчотна і асцярожна.


Верш ВАНДРОЎКА ДА СВЯТОГА ІААНА КАРМЯНСКАГА. 1. Гомель - Ангеліна Дабравольская