Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дыскусія

У пэўных колах вядзецца дыскусія,
ці патрэбна краіна мая,
Беларусь мы або Белоруссия,
будзем самі жыць ці як сям’я,
дзе ўсё вырашае старэйшы
і нахабны быццам бы “брат”,
што вяршкі ўсе здымае першым
і гатовы з нас скуру садраць.
Маем гонар за месца на глобусе,
што крывёй палівалі ды потам.
А ўсіх псеўдагісторыкаў опусы
мы пакінем на светлае потым,
калі вольнасць сваю адбудуем,
калі жартачкі стануць да месца.
А цяпер мы сілы гартуем
і захоўваем у сваіх сэрцах
непагаснае наша полымя –
старадаўні ліцвінскі зніч,
хоць яго прамяні кволыя
акупанты імкнуліся знішчыць.
Нас стралялі з гармат і вешалі,
у Сібір везлі ў таварных вагонах.
Так вось склалася, што мы першымі
тут страчалі пачвараў у пагонах
войскаў розных краінаў свету,
што хрысцілі наш край агнём, мечам.
Мы змагаліся з імі за мэту:
жыць на волі, па-чалавечы.
Мы не страцілі нашу мару.
Калі трэба, зноўку прагонім
усю набрыдзь з родных абшараў
пад сцягамі спрадвечнай Пагоні.
Вось тады мы ахвотна выступім,
рот закрыем усім дэмагогам
у кабацкіх спрэчках ці ў дыспутах
з цвёрдай верай ў сваю перамогу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Дыскусія - Андрэй Пятрусёу