Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Бярозавік

Зялёны дым: услед узнятай слонцы
Арэшнік пылу воблака атрос.
Нiбы ў палац, сюды заходзiць сонца –
У мокрым лесе светла ад бяроз.
Вартуе глуш сарока-белабока,
І з непазбыўнай прагаю глядзіш:
Шурпаты ствол надрэзаны глыбока,
Са звонам кропля падае ў гладыш.
Да латака мурашкі і пралескі
З усіх прагалін збегліся на пах.
Бярозавікам пахнуць пералескі,
Блакіт і пена на ружовых пнях.
Я задыхнуўся ў завадзі настою
З карэнняў, рос і весняга агню,
Адчуўшы схаладнелаю шчакою
Абветранай шчакі гарачыню.
Са мною поруч, так балюча-блізка,
Маўчала ты, зірнуўшы незнарок
На ўжо гатовых шугануць да Мінска
Старых пляткарак, лапатух-сарок.
Густая сінь прыжмуранага вока.
Усюды сінь – куды ні паглядзіш.

…Шурпаты ствол надрэзаны глыбока,
Са звонам кропля падае ў гладыш.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Бярозавік - Анатоль Вялюгін