Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вяртаюцца з нябыту

Спалілі рукапіс яго,
затым – філосафа самога
пякельны спапяліў агонь
за праўду пра людзей і бога.
Пасля, за горадам, з гары
той попел стрэлілі з гарматы
у небыццё, ў тартарары
царквою спаленых і клятых.
I па загаду караля,
як зажадалі езуіты,
яго раздадзена зямля,
дварышча бур’яном пакрыта.
Такі бязлітасны прысуд
быў цемрашалаў ашалелых
наступніку ідэй, пакут
Джардана Бруна й Кампанелы.
Ды паглынае часу вір
цароў, тыранаў, езуітаў;
і вось Лышчынскі Казімір
вярнуўся ў новы дом з нябыту.
Прыйшоў, услаўлены, да нас
вяшчун сягонняшняга даўні, –
не ў Горад Сонца, а ў калгас,
дзе нівы спраўджваюць жаданні.
Цяпер, у гэтую пару,
праз далеч вёрстаў і стагоддзяў
вяртаюцца на Беларусь
яе сыны, – з легенд прыходзяць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вяртаюцца з нябыту - Аляксей Русецкi