Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш СЦІПЛЫ ІДЭАЛ

Гаранковай Ліне

Прыехала ў вёску гарадская
Да самага прыгожага з усіх.
І паімчалася фантазія людская
На языках і позірках прамых.

І вокны, і парог, і нават шулы,
Калодзеж з вёдрамі за ўсімі паўтараў:
“Ці бачылі каторыя, ці чулі,
Геленкін Воўка гарадскую ўзяў?

Такую кралю – далібог, гультайка,
Ні сена, ні карову падаіць,
Ні к статку не пусціць яе, ні ў хатку,
Ці зможа ў чым свякроўцы дагадзіць?”

Яна ж спакойна галасы ўспрымала
То ў вочы прама, часта за спіной,
Але радні па меры дагаджала,
Каб з добрым мужам жыць, каб не адной.

Грыбныя сцежкі, ягаднікі ў лесе,
Напэўна, ўсе з вяскоўцамі прайшла,
І бульбу абіраць, і нават песні
Застольныя цягнуць яна магла.

І масла біла ў маслабойцы смела,
І мак таўкла хутчэй за камароў,
Рабіла ўсё, што ведала і ўмела,
Хоць гадавалася найбольш ля дактароў.

О, век і людзі, часам справядлівасць
Шукае доўга неабходны дзень.
Вось ён прыйшоў, чаканы і шчаслівы,
І толькі успамінаў даўні цень

Пакрые фарбамі вясёлкавай кароны,
Як дыядэмай, родных, сваякоў.
Якія сёння ў Ліну улюбёны,
І кожны шчасця пажадаць гатоў.

І я ад іх не адстаю, як быццам,
І напаўняю да краёў бакал,
Чаму б сягоння ўзяць і не напіцца
За нашу Ліну – сціплы ідэал!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш СЦІПЛЫ ІДЭАЛ - Вера Буланда