Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ты не глядзі, што рана скроні

Ты не глядзі, што рана скроні
Заткала інеем зіма.
Падай мне цёплыя далоні
І ціха поруч сядзь сама.

Яшчэ далёка золь і восень
І свежы весніх сіл прыбой,
І гэта толькі так здалося,
Што пастарэлі мы з табой.
. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Так нетаропкая развага
Ад бестурботнасці заве,
І так, забыўшы Афенбаха,
Душа Бетховенам жыве.

Над чуйным сном клавіятуры
Двух белых лебедзяў палёт
Даўно мне мроіцца. У хмурым
Вячэрнім змроку гукаў буру
Абудзіць ён і так, без нот.

Няхай Бетховен уварвецца
У гэты ціхі дом, сюды,
Як бура ў сонныя сады,
Няхай матыў ракоча, льецца
І разам плача і смяецца,
Жывы і вечна малады.

І ўвесь пакойчык вечаровы
Напоўніць шолахам далін,
Жалейкай гучнай раніцовай,
Святлом вясёлкі каляровай,
Празрыстай свежасцю дубровы
І звонам горных ручаін,

Каханнем, смуткам палыновым,
Трывогай, болем, сном благім,
Тугой, бядой – усім, усім,
Што ў свеце ёсць,
І – шчасцем новым.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ты не глядзі, што рана скроні - Алесь Жаўрук