Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Першай настаўніцы

У верасеньскі дзіўны лістабой
Вяртаюся парой саспелых гронак.
…Вы адчынілі дзверы у пакой
І клас зайграў дзясяткамі вясёлак.
Птушынае сямейства – дзетвара,
Узбуджана было нязвыкла новым…
Так пачынаўся шлях ад буквара
Пад вашай, безупыннаю аховай.
Алоўкам мы рабілі першы крок,
Часцінкі літар, лічбаў – потым слова…
Чыстапісання трапяткі урок,
Адолелелі не зразу адмыслова.
Вы ж па крысе, цярпліваю душой,
Нас разважаць і сябраваць вучылі
І шчодра свет цнатліва-сціплы свой,
Па – матчынаму, кожнаму дарылі.
О, колькі тых чародак гаваркіх,
З далоні, у бязмежную прастору,
Праводзілі вачыма, сцяўшы ўздых
І бласлаўлялі даляцець да зорак.
…Я сэрцам узнімаю ў вышыню,
Нібы праменьчык, ззяючы алмаз,
Пяшчотны вобраз, як святы абраз-
Настаўніцу
найпершую
маю.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Першай настаўніцы - Алена Дзегцярова