Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Маёй старонцы

У старонкі пяшчотай маёй-
Белы тварык і гонар дзявочы.
На галоўцы яе залатой-
Канюшынавы сціплы вяночак.

У хадзе яе – хуткая плынь,
Яе позірк – крынічныя вочы,
Подых ранка – палынны уздым,
Прахалода – загадкавасць ночы.

У калысцы спрадвечнай зямлі
Нараджэнне маё і сталенне.
Там, на поўдні, мае карані,
А на поўначы – шлях аднаўлення.


Верш Маёй старонцы - Алена Дзегцярова