Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш БАЛАДА ЯНА ЧАЧОТА

(7.07.1796–11.08.1847)

За вокнамі бібліятэкі
Выходзіць світанне з дажджу.
Зноў кнігі табе, нібы лекі
Ад суму, што поўніць душу,
Бо спевы пра даўніх ліцвінаў
Заснуць хоць на міг– не далі.
Была, нібы песня, краіна,
А людзі жывуць, як жылі,
І ты сярод іх, як світанне,
Якое не кожны чакаў.
Час пройдзе і сонца загляне
У хату і да мужыка.
І ты сярод кніг– не самотны
Хоць ты не забыўся свой шлях
Праз турмы, праз вецер галодны,
Праз слёзы і кроў у снягах
Чужыны, якой усёроўна
Хто ты: ці бандыт, ці паэт,
Які праслаўляе князёўну
Вялікага княства і свет,
Дзе ты нарадзіўся, каб верыць
У родны нявольны народ,
Які тут для некага шэры,
Дурны і сляпы, нібы крот,
Ды гэткі ён не для Чачота,
Бо любіць народ свой Чачот
І ў спевах пра даўніх ліцвінаў
Жыве залатая краіна
І будзе– пакуль ёсць народ…

18–17.10.2007

Верш БАЛАДА ЯНА ЧАЧОТА - Віктар Шніп