Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Непаразуменні



Так і жыццё адгаравалі –
Ты па сабе, я па сабе.
Зязюлі нам адкукавалі
Даўно аб шчасці і журбе.

Я кожны раз пасля разлукі
У мітусні цябе шукаў.
Цягнуліся насустрач рукі,
Але ніхто не сустракаў.

А потым стрымана і посна
Ты мне казала:
“Прабачай.
Спяшаюся, вярнуся позна.
Там, на пліце, гарачы чай”.

Не, я не скарджуся дарэмна
Ні самым блізкім, ні чужым,
Мне нават крышачку прыемна,
Што ты заўжды патрэбна ўсім,

Што не спазняешся ніколі,
Не лічыш тыдняў і гадзін,
А нехта ж кпіць і вочы коле,
Што побач мы, а я адзін.

Нічога так і не змянілі,
А страціўшы, не здабылі,
Сініцу нават не злавілі,
I зніклі ў небе жураўлі.



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Непаразуменні - Сяргей Грахоўскі