Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ах, якая над Гайнай купальская ноч



Ах, якая над Гайнай купальская ноч!
Самы раз бы шукаць кветку-папараць,
Самы раз уплятаць летуценьні ў вянок,
Самы раз белы корань выкапываць!

Ды ні гуку над Гайнай – пад цёмным шатром.
Толькі зоркі – як вочкі Купаліны.
Дзе ж вы, хлопцы, дзяўчаты? Чаму за сялом,
Над ракою, агні не запалены?

Раскладайце, паліце Купальля агні!
Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына,
А каб лепей убачыць наступныя дні,
Да вытокаў душой дакрануўшыся…

Раскладайце агні – хай плывуць па рацэ,
Можа, ў зыркім сьвятле іх вы ўгледзіце
Постаць Янкі Купалы зь кійком у руцэ –
Запрасіце яго прысуседзіцца!

Ён вас, пэўна, папросіць “Каліну” сьпяваць
I, напэўна, ад сьлёз не стрымаецца,
Скажа: “Ах жа, якое купальлейка ў вас!
Ах, якую вы спадчыну маеце!..”



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)
Loading...

Верш Ах, якая над Гайнай купальская ноч - Ніл Гілевіч