Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ПЕРАД КУПАЛЛЕМ



Перад мальбертам, як іконай,
Душа ірвецца да нябес,
Каб ласкай боскай блаславёнай
У фарбах вылепіць свой лёс.

А лёс мой – маці Беларусі,
Яе веліч, крыўда, боль.
О, як сабраць мне краскі ў скрусе
Душой, ахутанай у золь?

Каб перадаць сваё маленне
Прад гэтай боскаю красой:
Прад васільковым азарэннем
Палёў, расквечаных расой,

Прад гэтай вечнай песняй хлебу,
Што з сонца выспелых жытоў.
З ільноў, што вытканыя з неба,
З ружовай мройнасці садоў.

Ды ўжо даўно мая палітра –
З Палесся вечных туманоў –
Як я сама, п’е водар ветру
З маіх надпрыпяцкіх лугоў.

I блякне кобальт срэбны ранку.
Хмурнее возера блакіт –
Тут чорнай, мёртваю буслянкай
Ляжыць журба паміж ракіт.

Ой вы, чарнобыльскія цені
Невыказанае тугі…
Крылом зламаным птушкі Жэні
Баліць мой пэндзаль дарагі…

Знайшоўшы стыль – душа жывая
Зямелькі роднай, яе боль.
Мой лёс, ты будзь спагады раем:
Мне гэта выказаць дазволь.



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш ПЕРАД КУПАЛЛЕМ - Мікола Яцкоў