Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Зімовае сонца

Сонца ў студзені дурэе –
толькі свеціць,
ды не грэе.

Снег блішчыць,
аж вочы слепіць.
Снежных баб
ніхто не лепіць.

А мароз,
сухі ды колкі,
точыць тонкія іголкі.

Падыходзіць –
бокам, бокам.
І не ўгледзіш
простым вокам.

Зробіш
тры-чатыры крокі –
пабялеюць
нос ды шчокі.

І пад сонцам –
дзіўна як! –
ператворышся ў лядзяк.

Ясны дзень,
ды невясёлы. Так здараецца ў жыцці.
Дзецям нават
сёння ў школу
забаронена ісці.

Пацяплела б –
хоць бы трошку!
Сумна,
крыўдна
аж да слёз.
Шыбы,
нібы
ў класе дошку,
размалёўвае мароз.

І праз гэта
у акно
анічога не відно.

Толькі недзе апаўдні
дзень зацьміўся яркі,
бо схавала прамяні
сонейка за хмаркі.

Хоць цямней
адразу стала,
ды акно
крыху адтала.

Закружыліся сняжынкі.
Б’юць ціхутка па акне.
Быццам новыя сцяжынкі
пракладаць
завуць мяне.

Я хапаю лыжы звыкла
і – за дзверы.
І – далей!..
Вось як дзіўна:
сонца знікла,
а зрабілася цяплей!

Верш Зімовае сонца - Артур Вольскі