Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзе гальлё бурштынавых хваінаў

Дзе гальлё бурштынавых хваінаў
Плыўка зыбае ў далонях небасхіл
З рытму мернага зьбіваюцца гадзіны,
Компас не знаходзіць палюсы.

Нібы ўзяўшы чуйнасьць у пазыку,
Я ступаю сьцежкаю, якой
Скрозь стагодзьдзі насьцярожана ласіха
З гадаванцам йдзе на вадапой.

Ахінуты гольчастым скляпеньнем
Растаю ў сутоньні пакрысе –
Сэрца аціхае па ўтрапеньні
І амшарыны няўзнак скрадаюць сьлед.

Шнурам Арыядны павуціньне
Абвівае на зваротны шлях крысо.
Рву яго, застаючыся ў лябірынце
Валадарства станістых лясоў.

І натхнёны пугачовым сьмехам
Сівы Пан мяне дабраславіць,
Каб зрабіўся водгаласам рэха
У сакральным нерушы жыцьці.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Дзе гальлё бурштынавых хваінаў - Зьміцер Захарэвіч