Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рачная калыханка

Рачулка, я хачу пачуць
Тваё імя.
Маўчыць лясная.
Нібы забыла, як завуць.
I, мусіць, трудна ўспамінае.

А колькі год табе, скажы?
He адказала мне нічога.
Булькоча штосьці і бяжыць,
Хапае клопату рачнога.

Відаць, што ёй не да мяне,
Каменне мякка абцякае,
I не злічыць яго на дне,
Нібы насыпана вякамі.

Я падышоў яшчэ бліжэй.
Маленькіх – шмат і менш – вялікіх,
Усе каменні беражэ,
I кожны у яе на ўліку.

Усіх кранулася, хаця
На дне ніхто іх не турбуе.
Каменьчык кожны, як дзіця,
Перамываючы, цалуе.

А думкі ткуцца у цішы
I грэюць ласкаю сваёю.
Ляжаць спакойна галышы,
Паспавіваныя вадою.

Занята імі дацямна.
I што яны жывыя, верыць.
Булькоча песню ім яна
На мове жвіру і аеру.

Яна не ўмее спачываць.
Як маці, з вечара да ранку
Ім не стамляецца спяваць
Рачную песню-калыханку.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Рачная калыханка - Юрась Свiрка