Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш З песень аб сваёй старонцы

I зелень, і кветкі, і песні,
I неба вясёлая яснасць…
Ні цьмы той, ні снегавай плесні, –
Дзе глянеш – адна, братка, шчаснасць!

Свет цэлы зіяе каберцам,
Шум нейкі ад пушчаў нясецца,
З грудзей як не выскача сэрца,
Душа кудысь рвецца… ўсё рвецца…

Прачнуліся нівы і хаты:
Ўся ў полі людская сямейка,
За сошкай шнуруе араты,
Ля статку іграе жалейка;

З сяўнёю сявец пахаджае,
На скібіны валіцца зерне;
Знаць, сіла ў сяўца немалая…
Захоча – і свет пераверне!

Гэй, гэй, хлебаробе мазольны,
Пан сошкі, і коскі, і поля!
Кінь выгляд слязлівы, нявольны;
Ў тваіх руках слава і доля!


Верш З песень аб сваёй старонцы - Янка Купала