Верш Госці
Ка мне у госці з прывітаннем шчырым
I з песнямі калгаснікі прыйшлі.
Сам старшыня прыйшоў і брыгадзіры,
Настаўніца, даяркі й пастухі.
А з падарункамі прыйшлі у госці
Зямлі абноўленай гаспадары:
Пірог пшанічны, кветкі, лёну горсці
На стол паклалі й мёду пляйстары.
I селі мы з павагай дзіўнай нейкай
За стол, дзе быў пірог, і лён, і мёд…
За хатай заліваўся салавейка,
Гудзеў над хатай гулкі самалёт.
Такога гонару не меў ніколі,
Як я на гэтае зямлі жыву,
Каб так віталі мяне хлебам-соляй,
I то не ў сне якім, а наяву.
Памалу гутарку мы распачалі,
А шмат аб чым пагутарыць было:
I пра сягонняшнія ў сонцы далі,
I як даўней жыло-было сяло.
Пра нашы гаварылі зімы, вёсны,
Пра добры ураджай і працадні…
За вокнамі шумелі згодна сосны,
Начлежнікі разводзілі агні.
…Здаём належнае сваёй дзяржаве,
Дарогі ладзім, лес на сплаў вязём.
Жывём заможнікамі ў самай справе,
Як трэслі, не трасём рыззём.
– Загаціць, – кажуць далей, – трэба рэчку,
Каб возера было, каб быў і млын,
Каб і ў хлявы каровам і авечкам
Сама вада пайшла ўгару з нізін.
I кажуць: – Школа ў нас чатырохлетка,
Дзесяцілеткай трэба каб была,
Каб нашым здольным працавітым дзеткам
Далей вучыцца сцежка пралягла.
Ды шмат аб чым яшчэ мы гаманілі,
А больш за ўсё аб дасягненнях тых…
Спрасоння певень недзе хлопнуў крыллем,
На неба ўсходзіў месяц залаты.
Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты
Пад музыку пусціліся скакаць…
Дрыжэлі сцены новай звонкай хаты.
Было нам весела, што і казаць!
I госці выйшлі. Ціша наступіла.
Тут адна думка ўзбегла мне на яў:
Калгаснікам адвагі не хапіла
Прасіць, каб песню аб калгасе склаў.