Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Саракі

Неба закружылася ад птушак-
Дзень вясновы ладзіць саракі.
Са шпакоўняў пух старых падушак
Вымятаюць крыльцамі шпакі.

Ды жаўрук, натрэсшыся ў разоры,
Б’ецца ў сіні, нібы матылёк.
Грак варонім стаў парламенцёрам-
Ў дзюбе носіць белы ласкуток.

Чаек бела-чорныя цяльняшкі
Тут і там мільгаюць угары.
Галкі, як маўклівыя манашкі,
Аблятаюць ціхія двары.

У гняздзе, нібы ў чалме, бусліха
Дрэмле пасля доўгай чарады.
Кулічок, як самалёцік, ціха
Сеў ля цёплай зброснелай вады.

Разадрата зноў гаёў улонне
Крыкам сойкі, строкатам сарок.
Саракі пад парасонам поўні
Развязалі выраю шнурок


Верш Саракі - Віталь Гарановіч