Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЮРЫЯ АЛЕЛЬКАВІЧА

(17.08.1559 – 6.05.1586)

Слуцкае Евангелле напісана табой,
І дачка ў цябе расце і вырасце святой
Соф’яй Слуцкай, пра якую будзе ведаць
свет
І якой маліцца будзе панства і паэт
Бедны, як і бедная старонка, у якой
Часам нават і ў магіле не знайсці спакой
Ад вайны і здрады братняй, ад атрутных
слоў.
Пройдзе ўсё, як праз пясок вада, праз тлум
гадоў,
І забудзецца, і знікне, каб з’явіцца зноў.
Княства ж застаецца, як на полі бітвы
кроў-
Кветкамі, што будуць праз вякі расці й
цвісці,
Дзе да Бога тым, хто любіць родны край,
ісці
Вечна маладымі, маладымі, як і ты.
І цалуе сонца за табой твае сляды,
У якіх, нібыта ў гнёздах жаўрукі, святло
Княскае, якое пылам не пазамяло
І не замяцецца, бо жыве твой родны край,
Над якім анёлы, над якім птушыны грай
І малітва Соф’і Слуцкай – радасці тваёй,
А для беларусаў на вякі – святой…

5.08.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ЮРЫЯ АЛЕЛЬКАВІЧА - Віктар Шніп