Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ВАСІЛЯ ВІТКІ

(16.05.1911-05.07.1996)

Жыццё-не казка. Казка– як жыццё,
І ў кожнай казцы Беларусь жыве,
Самотная, як восенню лісцё,
Як срэбра павуціны на траве,
І мудрая, як мудрая сава,
І мужная, багатая святлом
І мовай роднай, што ты шанаваў,
Бо ведаў, што без мовы мы памром
І Беларусь памрэ і толькі ў казках
Жыць застанецца на кароткі час,
І будзе гай шумець, і будуць краскі
Цвісці, але ўжо толькі не для нас…

І ты ішоў штодзённа да дзяцей,
Каб Беларусь у іх заўжды была
Не толькі ў казках, а ў душы жыла,
Была душой і вечнасцю людзей,
Якім наш родны край заўсёды мілы
Усім, што ёсць, што будзе і было.
І родны край не стане нам магілай,
Бо родны край – Жыццё, Любоў, Святло…

26.05.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ВАСІЛЯ ВІТКІ - Віктар Шніп