Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ПАЎЛА ШПІЛЕЎСКАГА

(31.10.1823-17.10.1861)

Над Айчынай глыбокае неба,
У якім наша сонца плыве
Праз аблокаў халоднае срэбра,
Праз малітвы, якія ў царкве
Праспявалі самотныя людзі,
Да якіх ты ідзеш, каб сказаць:
“Беларусь тут была, тут і будзе,
Толькі трэба любіць, зберагаць
Беларускага слова дыханне,
У якім Беларусь і жыве…”
І збіраеш ты песні, паданні,
Што, як кветкі ў высокай траве,
Існуюць, ды не кожны іх знае.
А дзе кветкі-там пчолы і мёд,
Там Айчына ад пчол залатая,
Бо, як пчолы вясною, народ,
Без якога не будзе краіны,
Пра якую ты марыш і сніш.
З-за аблок чутны крык жураўліны,
Працінае цябе, нібы крыж,
Што стаіць ля вясковай дарогі,
Дзе ідзеш ты і ў неба глядзіш,
Дзе ўсе радасці і ўсе трывогі
Сталі сонцам, якое плыве
Праз аблокаў халоднае срэбра,
Праз малітвы, якія ў царкве
Праспяваны, падхоплены небам,
Нібы кветкі, што спелі ў траве…

8.07.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ПАЎЛА ШПІЛЕЎСКАГА - Віктар Шніп