Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА КАСТУСЯ ТАРАСАВА

(10.10.1940- 20.03.2010)

З-пад снегу праразаюцца дарогі,
Як праз туман віднеюцца крыжы.
Крыжоў, нібыта лесу, густа, многа,
Але шчэ болей без крыжоў ляжыць
Тых, хто любіў няшчасную Айчыну,
Як сонца, што за хмарамі плыло.
Ты мог спакойна родны край пакінуць
І жыць чужым, нібы палын, святлом,
Не ўспамінаючы легенды, песні
Пра беларускіх волатаў, князёў.
На рэчках лёд, нібыта сцены, трэснуў
І хлынула вада, нібыта кроў.
А кроў жа наша-не вада рудая,
Яна агонь: і ў слове, і ў зямлі,
Што нас, нібы грахі ў душу, прымае,
Каб мы яе пясчынкамі былі.
І пішаш ты пра нашы замкі, Храмы,
І ў кожным сказе Беларусь жыве,
І Беларусь на карце-больш не пляма,
Не бруд дарожны на гнілой траве,
Калі з-пад снегу свецяцца дарогі,
Як праз туман віднеюцца крыжы,
З якімі ўсе ідзём, ідзём да Бога
Не паміраць, а ў Беларусі жыць…

23.03.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА КАСТУСЯ ТАРАСАВА - Віктар Шніп