Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ГРУНВАЛЬДСКАЙ БІТВЫ

(15.07.1410)

Пад латамі стальнымі крыжакоў
Жывыя душы і жывая кроў,
І ім, як нам, жыццё таксама міла,
Але палюбіць сёння іх магіла,
Бо з намі Вітаўт наш, над намі Бог,
І коп’яў лес, і стрэлаў нашых хмары,
Што ў небе над самотаю дарог
Лятуць і лётам абуджаюць мары
Аб перамозе, да якой ідзём
За Вітаўтам, нібыта за агнём
Праз ноч у дзень, дзе нашыя магілы,
Нібы прыступкі лесвіцы, з якой
Нам воляй дыхаць, бачыць край наш мілы,
Нібыта Храм бялюткі, прад сабой…
Звіняць мячы, крывавяцца шаломы,
І коп’яў лес трашчыць, нібы трыснёг.
І ўжо адказ ёсць на пытанне: “Хто мы?”,
Але яго яшчэ не чуе Бог…

17-19.08.2005

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ГРУНВАЛЬДСКАЙ БІТВЫ - Віктар Шніп