Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА БЕНЯДЗІКТА ДЫБОЎСКАГА

(29.04.1833-31.01.1930)

Маёнтак родны твой Адамарын
Застаўся без цябе, як плыт, адзін
На хвалях часу і Еўропы тлумнай,
Дзе і табе было зусім не сумна
Ні ў Дэрпце, ні ў Варшаве, ні ў Берліне.
Прайшоў агонь паўстання па Айчыне,
І дымам ты занесены ў Сібір,
Дзе возера Байкал, нібы пацір,
Напоўнена чысцюткаю вадою.
Глядзіш на снег і бачыш прад сабою,
Праз далеч, беларускія азёры,
Лясы і рэкі, жытнія прасторы…
Ты вернешся дамоў, каб дом пакінуць
І, дом пакінуўшы, любіць Айчыну,
Не верачы, што ўсё наўкол ад Бога
І нават гэта праз Сібір дарога,
Якой ты едзеш, як дамоў, у Львоў,
Дзе беларуская не знікне кроў
У сэрцы, што па-беларуску б’ецца,
Бо гэта беларуса сэрца…

23.04.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА БЕНЯДЗІКТА ДЫБОЎСКАГА - Віктар Шніп