Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Лебедзь

Лебедзь белы ў возера падаў,
Падаў лебедзь ад кулі стралка,
Не збярогся ад жорсткасці, звадаў, –
У стралка не здрыгнула рука…

Чырвань раны ўсё узрастала,
Вочы поўныя цёмнай смугі.
Махі крылаў шугалі няўдала, –
Лебедзь крыкнуў ад болю, тугі.

І ў крыку у тым прадсмяротным
Столькі жалю, папрокаў было,
Што, паветра каўтаючы ротам,
Як падкошаны, рынуў стралок.

Рынуў ён на зямлю амярцвелы,
Пачарнеўшы ад кары наскрозь…
Лебедзь падаў – у чырвані белы,
Лебедзь падаў у сінюю водзь.

Ад удару вада разышлася
І схавала яго назаўжды.
А на возеры бура ўсчалася,
Заскакалі маланкі з вады…

З часу тога ўпоўнач, у неглядзь
Раптам месяц знікаў неўзначай,
А з вады выплываў белы лебедзь
Ды тужліва, тужліва крычаў…


Верш Лебедзь - Віктар Леаненя