Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Непаўторнасць

Прыходзіць жа аднойчы
Такая вышыня:
Глядзяць прыроды вочы
Штоночы і штодня.
Глядзяць табе насустрач,
Глядзяць табе наўслед.
I ты ўжо – невідушчы –
Бачыш цэлы свет.
Адкрыецца такое
З надхмарнай вышыні –
Не зведаеш спакою,
Не ўзнаеш цішыні.
“Няма іх. I не будзе.
Ніколі. I нідзе…” –
Адкрыецца ў прысудзе,
Што позірк той вядзе.
Чытай па кнізе зорнай:
Няма і не было…
Жыццё – як непаўторнасць,
Як непазбежнасць – тло.
I ты іх вечны дольнік –
Нікога не віні…
Правідчае прадонне
У гэтай вышыні.
I непазбежнасць ночы,
I непаўторнасць дня, –
Усё яна – аднойчы –
I тая ж – вышыня.
I рвецца над сусветам
Нязведаная ніць.
I непаўторнасць гэту
Рукою не злавіць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Непаўторнасць - Васіль Зуёнак