Верш Азбука Васі Вясёлкіна
Рашыў Вясёлкін Вася:
– Сам адкрываю школу.
Збіраю ў першым класе
І птушак, і жывёлу,
Усіх звяроў на свеце.
І вы прыходзьце, дзеці.
Ў мяне такая кніжка ёсць,
Што рады будзе кожны госць.
Я літары вам пакажу,
Пра ўсе малюнкі раскажу.
Глядзіць Васіль наўкола:
Хто ж першы прыйдзе ў школу.
А тут з двара:
– Здароў, Вясёл!
– А ты хто будзеш?
– Я асёл.
Стаіць і дзівіцца Васіль:
– Нашто аслу аўтамабіль?
Куды вязеш ты агуркі?
– А гэта звычай мой такі, –
Яму адказвае асёл. –
Саджуся з кнігаю за стол –
У рот адразу ж агурок.
– Нашто?
– Каб ведаць лепш урок.
Давай, вучы мяне, Вясёл,
Саджай хутчэй за парту.
Ты ж ведаеш, сярод жывёл
Я самы, брат, упарты.
– Па-першае, я не Вясёл, –
Сказаў Вясёлкін Вася, –
А па-другое, стаўлю кол
За панібрацтва ў класе.
Тут школьны празвінеў званок.
Настаўнік абвясціў урок:
– Упартасць ты адразу кінь,
Калі яна была.
З чаго пачнём мы азбуку?
Сказаў асёл:
– З асла.
А
– Буквар мы пачынаем з А,
І я заўважыць мушу:
Не вельмі цяміць галава,
Хоць і даўгія вушы.
Хапае слоў апроч асла,
Што пачынаюцца на А:
Арол, акварыум, алень,
Аса, акула, авадзень,
Авёс, алмаз, атара,
Алена і Алеся
І нават акуляры,
Што ты на нос павесіў.
Як закрычыць асёл: – Браткі,
Вось для чаго мне агуркі!
Ў мяне іх – цэлая гара.
За розум брацца мне пара.
Як з’ем апошні агурок –
Урок засвою назубок.
Б
А гэта, дзеці, што за франт:
Завіты ўвесь, на шыі – бант
І так ілбом у бубен б’е:
– Прыміце ў клас,
Я знаю: Бэ-э-э!
Прыняць выдатніка, прыняць!
Ён заслужыў адразу 5.
В
Хто гэта лісця нанізаў
На вострыя іголкі?
А вожык Васю так сказаў:
– Вітаю вас, Вясёлкін.
– Я рад, – прызнаўся Вася, –
Ды чым жа ты заняўся?
Навошта льеш, пытаю я,
З вядра ваду на вераб’я?
– Мы з вераб’ём у пары
Збіралі вам гербарый.
Дружок мой запыліўся,
Хачу, каб ён памыўся.
Сягоння ўсе глядзяць на нас,
Бо мы прыйшлі ж у першы клас.
Г
Напэўна, дзеці, вы змаглі б
І пасмяяцца: гляньце – грыб.
І прозвішча, як у людзей,
У вучня – Баравік.
А ён у школу ўжо ідзе,
Выдатнік-нулявік.
Хай невялік, хай невысок,
А ведае здавён
І той лясок, і верасок,
Дзе нарадзіўся ён.
Д
І дзяцел ведае свой дом
На дрэве са старым дуплом.
Калі і непагадзь – ну што ж,
Не страшны дзецям снег і дождж.
Як добра ў дзятла пад крылом,
Калі такі выдатны дом!
Хто знае Дэ знайсці нам дзе?
Пытайце ў бацькі, ў маці,
Шукайце ў дзятлавым гняздзе –
Падкажа добры дзяцел.
Е Ё
А за дзвярыма: тук-тук-тук.
Пытае Вася: – Што за стук?
Зноў дзяцел? Не, зусім не ён –
Прыйшоў у школу паштальён:
– Вам тэлеграма ёсць адна.
Здзівіўся Вася: – Ад каго ж?
– Напэўна, што з рачнога дна,
Бо тут унізе подпіс: Ёрш.
– Ну што ж, якраз да часу.
Чытайце ўсяму класу.
Ш-ша, слухайце, што піша ёрш:
“Жыву за іншых я не горш.
Малым паставіў ёлку.
Выпісваю “Вясёлку”.
Ды вось бяда: сыны мае
Не ведаюць ні Ё, ні Е.
Да вас у школу трэба плыць,
Але парайце, як нам быць.
Калі паступім мы туды,
Дык жа загінем без вады…”
Сказаў Вясёлкін: – Точна,
Хай вучацца завочна.
Ж З
Тут Вася адчыніў акно:
– А гэта што там за яно –
Ці не пад’ёмны гэта кран?
Зірні на вуліцу, баран.
Зірнуў баран, спужаўся:
– Яно з хвастом, з нагамі,
З вушамі і рагамі,
Пад стол хавайся, Вася,
А я залезу ў шафу!..
Вясёлкін рассмяяўся:
– Дык гэта ж, брат, жырафа.
Яна паспела ў самы раз.
Прашу, прашу, заходзьце ў клас.
Сядайце, калі ласка, ў нас!
Жырафа рада б сесці,
Ды ў школу ёй не ўлезці.
Заўважыў заяц звера,
Збялеў і – шмыг за дзверы,
Па калідоры – скок-скок-скок.
Ён думаў, што з’явіўся воўк.
На парту ўскочыў з перапуду:
– Вучыцца болей я не буду! –
Хапіў адзін, другі званок:
– Хутчэй канчай, Васіль, урок!
Цягнуўся цэлы месяц
У класе перапынак,
Шукалі зайца ў лесе
Ля ўсіх дубоў, асінак.
Уцёк са школы Зай, уцёк.
– Што ж, без яго пачнём урок, –
Сказаў Вясёлкін Вася
І за журнал узяўся,
Бо цвёрдую меў звычку –
Штодня вёў пераклічку.
І Й
– Індык, – спытаўся Вася, –
А ты куды сабраўся –
Ў гурток шыцця і кройкі?
Дзеля чаго ў запасе
Ў хвасце ў цябе іголкі?
Чаго ты так надзьмуўся,
Ад вучняў адвярнуўся?
– Хаджу я важна па зямлі, –
Затрос індык бародкаю, –
Бо ведаю, што ёсць два І:
І доўгае, й кароткае.
Усё я ведаю, пытай.
Напрыклад: іней, гай і май,
Ігнат, Іван, Іран…
– А бэ-э-э? – не вытрываў баран. –
Не паважаю я цябе,
Бо ты сказаць не ўмееш: бэ!
Спакойна Васіна рука
Лягла на дзённік індыка.
– Ты адказаў мне бойка, –
Сказаў настаўнік Вася, –
Але я стаўлю тройку,
Каб больш не зазнаваўся.
К
А качаня і кацяня
Паміж сабою як радня.
Усюды разам, удваіх,
Не разальеш вадою іх.
У клас увойдуць, знімуць шапкі,
Пасядуць і – угору лапкі,
Бо качанятка і каток
Заўсёды ведаюць урок.
Выдатнікам настаўнік рад.
А хто іх выхаваў?
Дзетсад.
Л
– А што нам скажа ліска?
– Нічога не скажу.
Не падыходзьце блізка:
Вы ж бачыце, сяджу
Ўвесь дзень перад люстэркам,
Занятая прымеркай.
Напэўна, што завузка
Нейлонавая блузка,
А модная спадніца
Так цісне ў паясніцы…
– Ліса і лісяняткі,
Пакіньце вы заняткі!
У вас, у модніц, – свой прыцэл.
Мы вывучым і самі Л.
М
Зірнуў Васіль у кніжку:
– А дзе маленькі Мішка?
– А вунь на школьным ён двары,
Сам у акно пабач.
Прыйшоў да нас мядзведзь стары,
Купіў унуку мяч.
Старому сумна ў лесе
На персанальнай пенсіі.
Сюды штодня хадзіць ён рад
Насіць малому мармелад.
Такі ж ужо чуллівы дзед,
Вунь прывалок веласіпед:
“Бяры веласіпедзік,
Катайся, мой мядзведзік!”
Сказаў настаўнік: – Ой, дзяды,
Нямала мне ад вас бяды.
Так песціце вы ўнукаў –
Зрываеце навуку.
Н
Навуку любіць насарог,
Калі здалёк прыехаць мог,
Аж з Афрыкі, Нігерыі.
Але ступіў ён на парог –
Не можа ўлезці ў дзверы.
Жырафа рада земляку:
– Жаданы мой, чаканы…
– А ты, жырафачка, адкуль?
– Твая суседка – з Ганы.
– Канікулы, – сказаў Васіль, –
Браткі, не пашкадуем сіл.
Пашырыць трэба школу,
Пляцоўку для футболу,
А для гасцей замежных
Паставіць клас сумежны.
– Ура! – абрадваўся баран. –
Я зараз намалюю план.
І пачалася праца,
Рад кожны быў старацца.
Стаў за учотчыка індык,
Сам працаваць ён не прывык.
Пляцоўку расчышчаў асёл,
Бо вельмі ж ён любіў футбол…
– Ёсць разгарнуцца дзе цяпер! –
Сказаў мядзведзь-пенсіянер.
Стаў пілаваць бярвенні.
Ён пільшчык быў адменны.
Уважліва сачыў унук,
Каб не парваць пілы аб сук.
Знайшлі і вучні-малышы
Сабе занятак па душы.
Тут завіхаліся штодня
І качаня, і кацяня.
І нават зай-зайчына
Вярнуўся, малайчына,
І стаў на дапамогу
Самому насарогу.
Пыхцеў,
Стараўся
Насарог,
Ажно пацеў
І нос,
І рог.
Жырафа следам бегла
І падавала цэглу.
Упраўна брала з долу
Яна любыя высі…
Пабудавалі школу –
Спыніся і дзівіся,
Якія гмахі ўзніклі.
Вось гэта дык канікулы!
О
І зноў увесь сабраўся клас.
Зірнуў у кнігу Вася.
– На чым спыніліся той раз? –
Ён у крата спытаўся.
Разявіў крот шырока рот
І прастаяў бы, можа, год.
Была ў гасцях у школе
З дзетсада ляля Оля.
Сама не знаючы таго,
Яна і падказала: О!
Адкрыла лялечка раток –
Маленькі, роўненькі кружок.
І насарог адкрыў свайго,
Жахнуўся клас увесь: – Ого!
П
– Навошта пеўню парасон,
Чаго стаіць на плоце ён
Якраз ля нашых жа акон?
– Схаваўся, дзеці, я ў цянёк,
Каб добра вывучыць урок.
– Скажы нам літару сваю!
– Не, дзеці, лепей я спяю.
Хоць з граматаю не ў ладах,
Але спяваю па складах.
Ніхто так на маім вяку
Яшчэ не пеў: ку-ка-рэ-ку!
– Ты ўмеў бы значна болей,
Калі б вучыўся ў школе.
Прыходзьце, пеўні, ўсе вы
Да нас у клас на спевы.
Р
– Паслухайце, здаецца,
Хтось ля дзвярэй шкрабецца.
Чакайце, сам праверу.
Зірнуў Васіль за дзверы:
– Дык гэта ж рак.
Адкуль, бядак?
Чаго такі распараны,
Як кіпенем абвараны?
Падняўшы стрэльбу ў клюшні,
Рак адказаў: – Мне душна.
– Нашто ж ты стрэльбу ў клас валок?
Яшчэ націснеш на курок.
– Так, – адказаў ён горда, – так,
Я – лепшы паляўнічы…
Нічога дзіўнага, што рак
У школу не залічан.
Калі не верыш, дык правер,
Пакуль у рэчцы мелка.
С
– А хто ў нас на чарзе цяпер?
Сказалі дзеці: – Стрэлка!
– А дзе яна ў нас, дзеці?
– У космасе, ў ракеце!
Абкружыць сонца сорак раз
І прыляціць ізноў у клас.
Т
– Я добра бачу па ўсіх вас,
Ваш пазнаю характар –
Нам тэхнікай заняцца час,
Прыйшоў якраз і трактар.
А гэта вось механік сам,
Славуты на ўсім свеце,
Пакажа ўсе машыны вам,
Пракаціць на ракеце.
Наўрад ці ёсць яму раўня –
Паважны і вусаты…
Падняла лапку кацяня:
– Дык гэта мой жа тата!
Механік тут сынка абняў:
– Як вучышся, дзіцятка?
І адказаў сыночак: – М-мяў,
А я – выдатнік, татка…
І загадала татку
Кацяня загадку:
У Ў
– У галаве У доўгае,
Кароткае ў хвасце.
Выкручваецца, поўзае
На тоўстым жываце.
Уміг жывога зайца
Глыне – і не падавіцца.
Ну, што? Не адгадаў?
Я падкажу – удаў.
Такая ўродзіна удаў,
Убачыш – зойме дух.
Каб ты, пачварына, прапаў,
Так напалохаў – ух!
Яго не пусцім мы ў свой клас,
Бо праглыне ўсіх нас за раз,
І стол, і школьны глобус,
І новы наш аўтобус.
На чым жа мы, татуся,
Паедзем на экскурсію?
І вось ужо завёў матор
Механік дзядзька Коця.
Ён вельмі строгі быў шафёр,
Суровы на рабоце.
І да сябе ў кабіну
Не ўзяў ён нават сына:
– Мне на машыне не радня
Ні свет, ні брат, ні кацяня.
Ф
Сказаў Вясёлкін Вася:
– Хвалю за дысцыпліну.
Мой клас увесь сабраўся.
Гані, шафёр, машыну…
Ляціць аўтобус па шашы.
Глядзяць з акенца малышы.
Мігцяць фіранкі, як флажкі,
І шоўкавыя фартушкі,
І новыя фуражкі.
Лагодна і пакорна,
Адзетыя па форме,
Сядзяць індык з барашкам.
А за машынай пеша
Услед жырафа чэша,
А за жырафай – ох, ох, ох –
Цялёпкаецца насарог,
Ажно дрыжыць пад імі дол.
– А вы куды?
– Мы на футбол.
– А хіба ў нас сягоння матч? –
Спытаў шафёр з кабіны.
– А вы – балельшчык, Кот-вусач?
Дык самі знаць павінны,
Што ў нас на стадыёне
Выдатны дзень сягоння:
Аслам забілі гол зайцы.
Вось малайцы дык малайцы!
Як усхапіўся тут асёл:
– Шафёр, вязі нас на футбол!
Хутчэй, хутчэй на стадыён! –
Зароў ад горкай крыўды ён.
Ды што паробіш: плач не плач –
Ганебна скончыўся той матч.
Асёл як апантаны
Не мог утаймавацца…
– На плошчу да фантана
Фата-графа-вацца,
Увесь мой клас, збірайся! –
Паклікаў вучняў Вася…
Фацэтны выйшаў здымак –
Цудоўны напамінак
Настаўніку і вучням
Аб дружбе неразлучнай.
Х
Хаця хітрун-хамелеон
Не сапсаваў ледзь ўвесь фасон.
То з галавы да самых пят
У хатні хутаўся халат,
То захінаўся ў хусту,
Халву з капустай хрумстаў,
Высоўваў доўгі свой язык,
Лізаў жырафе чаравік
І, хвалячы свой спрыт і рух,
Хапаў па-заліхвацку мух.
І ў колерах мяняўся,
І гэтак надзімаўся,
Што ўсе не клаліся траха
Ад смеху ўпокат: ха-ха-ха!
Аб Васілёвай школе
Прачула ўсё наўколле.
Да нашае экскурсіі
Прыбіліся тры гусі,
Два худыя харты –
Валацужныя браты,
Варона-пабіраха,
Шакал і чарапаха.
Ц
Прыцялёпкала здаля
Адно пацешнае цяля:
– А я ў цырку пабывала,
Я прынесла вам цымбалы.
Залічыце ў клас мяне,
Я ўсё на свеце знаю: м-м-мэ!
Васіль сказаў: – Пабачым.
Задам табе задачу:
На градзе яна расце,
Пачынаецца на Цэ.
Аж падскочыла цялятка:
– Знаю, знаю – шакаладка!
Засмяяўся Вася:
– Падумай, не спяшайся.
Я лічу да трох: раз, два…
– Ах, я ўспомніла – халва!
– Памыляешся, красуля, –
На градзе расце цыбуля.
І хоць яна не шакаладка,
А есці трэба для парадку,
Бо ўсе мы знаем як адзін,
Што Цэ – найлепшы вітамін.
Ч
Вось чарапашычын сынок
Есць і цыбулю, і часнок.
Няхай яшчэ сыночак
На выгляд – чарапочак,
Затое ў нас у школе ён
Ужо вядомы чэмпіён.
Малы чарапашонак
Не носіць распашонак.
Выходзячы на шпацыр,
Ён надзявае панцыр.
Таму не гнецца пад мячом,
Не хіліцца пад молатам,
Расце выдатным сілачом
І незвычайным волатам.
Ш
Мы не змаглі б вучыцца
Ні з воўкам, ні з ваўчыцай.
А вось прыйшоў да нас шакал
І ледзь усіх не ашукаў.
Ён доўга носам шморгаў
І Васіля ўгаворваў,
Нібы прасіўся ў школу,
А сам пры шаблі, ў шпорах
Прынёс дзве торбы толу,
Шнур, дынаміт і порах.
Не, ашуканец шэры,
Табе не будзе веры.
Ты з выгляду – лагоднік,
А сам – шпіён і шкоднік.
Ы
Ёсць літары у буквары,
З іх не пачнеш ты слова.
Але запомніце, сябры,
Вы іх абавязкова.
Ну, хто мне іх напіша?
– МЫ, – адказалі мышы. –
Каб не было на свеце Ы, –
Запелі хорам мышкі, –
Былі б мядзведзямі ўсе мы,
Нас дзеці б звалі – мішкі.
Была дзяўчынка ў нас адна,
Рукамі пляснула яна,
Прызналася ўсім шчыра:
– Як добра, што я – Іра!
Ь
Каню прысніўся страшны сон,
Што ён не конь, а кон.
Перапалохаўся, бядак:
– Куды падзеўся мяккі знак?
Мне без яго жыцця няма…
Прыбег задоўга давідна
Да нас буланы госць:
– Ці мяккі знак яшчэ ў вас ёсць?
Яму сказаў Вясёлкін так:
– Вось, калі ласка, мяккі знак.
Яго сабе ты забірай,
Бяжы і весела гуляй.
І так быў рады, небарак,
Што зноў знайшоў свой мяккі знак.
Э
– Эх, – спахапіўся Вася, –
Экскурсія ўдалася,
Ды час дамоў збірацца,
Зноў за навуку брацца.
Я заказаў вам эшалон.
Сядайце кожны ў свой вагон.
Купэ – для насарога,
Жырафу – на платформу.
Адзеньцеся ў дарогу
У школьную ўсе форму…
Гудуць па рэйках колы.
Дадому едзе школа.
Ад песень і ад смеху
Чуваць далёка рэха.
Мільгнуўся элеватар,
А вунь – электрастанцыя,
Торф рэжа экскаватар
На рэчцы Балачанцы.
Між родных сосен і бяроз
Імчыцца наш электравоз.
Ю
Вучыцца зноў прыйшла пара.
– Ура! – гучыць сярод двара.
На выстаўку юннаты
Выносяць экспанаты:
Капусту,
рэпу,
буракі,
Фасолю,
моркву,
агуркі.
Зірніце на цыбулю!
Яе расціла Юля!
Умела пастарацца
Яна на школьнай градцы.
Цяпер усе мы як адзін
Цыбулю Юліну ядзім.
Я
А вось малая Ядзя
Сабрала ў нашым садзе
Пад яблыняю ягады –
Не паядзім за два гады.
Так вучыцца, стараецца
Дружная сям’я.
На гэтым і канчаецца
Азбука мая.