Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш О, як холадна жыць, Божа мілы!

О, як холадна жыць, Божа мілы!
Стынуць вусны, ляднее душа.
Дай мне сілы, мой Бог, дай мне сілы!
Хай загіну пазней, а спярша

Хоць крыхотку цяпла, хоць драбніцу,
Хоць іскрынку маленькую дай!
Буду вечна за гэта маліцца,
Буду гнаць ад сябе той адчай,

Што спавіў мяне даўняй вясною,
Патушыў несканчоны радок,
Выбіў з розуму нітак аснову,
Зблытаў думак вясёлкавы ўток.

І не тчэцца мая выбіранка –
Перакрэсліў узоры мароз.
Заірдзелі пахмурныя ранкі
Пералівамі выстылых рос.

Божа мілы, не дай мне скарыцца
Халадэчы бясколерных сноў,
Памажы, навучы, як пазбыцца
Скамянелых пачуццяў і слоў!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш О, як холадна жыць, Божа мілы! - Валянціна Аксак