Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Яблыні

У валкі сакавіцкімі граблямі
Над дамамі аблокі сабраныя.
Між дамоў сталі ў роспачы яблыні,
Беспрытульнаму лёсу адданыя.

І, нібы жабракі падцаркоўныя,
Да нябёсаў, дзе птушкі праносяцца,
Уздымаюць галін рукі чорныя,
І як Богу яны Сонцу моляцца:

– Паглядзі, як мы доляй пагарджаны,
Як усмешкай Тваёй не абуджаны,
Зімнім хамам-марозам зняважаны,
Абакрадзены восеньскай сцюжаю.

Нас дражнілі сняжынкі, ўніз скачучы,
Лёд сярдзіты лічыў падазронымі,
Ды завея, у жмені скамячыўшы,
Часам міласць шпуляла з праклёнамі.

Ці ж вачам не былі мы ласункамі?
Дзе ж аблічча падзелася зграбнае?
Адары нас за крыж падарункамі:
Урачыстасцю, веліччу вабнаю.

Снег на целе, здаецца, стагоддзямі,
Як прасцінкі, ў шматкі разадраныя.
Дай надзею скрыць здзек зімы-восені,
Дай адзенне, вясной-красой тканае.

Пакажы нам Свой твар паміж хмаркамі,
На ўсю моц пакажы, чыстым золатам.
Пакарай холад дзідамі шпаркімі,
Абаронцаю будзь нам ад холаду.

Вылі рэкі цяпла, каб імкнуліся
Ўніз да трэшчынак, да галіначак,
Так, каб сокі ўнутры ўсхалынуліся
Ў кожнай з клетачак, кожнай з жылачак.

І мы дзецьмі, за клопат удзячнымі,
Светлым летам з хвілінамі доўгімі
Феерверкамі з яблыкаў смачнымі
Расфарбуемся ў гонар твой, Добрае.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Яблыні - Валера Мацулевіч