Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Таўры

Таўры жылі, як і ўсе народы:
Ваявалі,
Кахалі,
Гарэлку пілі.
Мудравалі,
Зліваліся з маці-прыродай…
Насваволілі,
Навершавалі,
Пайшлі.
Але так,
Без слядоў,
Нішто не знікае.
I дасюль,
Па абшарах сваёй стараны,
Між людзей,
Непазнаныя, таўры блукаюць
I не ведаюць самі,
А хто яны?
На муры, што нязнанымі продкамі ўзведзены,
Пазіраюць, як козы на новы плот:
“Ані д’ябла пра вас мы, браточкі, не ведаем.
Што вас несла у горы?
Унізе ж – цяпло!”
Дрэмле Кошка-гара,
Дрэмлюць таўраў руіны.
Я стаю і ўяўляю,
Што я не ізгой,
He паэт з беларускіх узгоркаў сініх,
А апошні таўр
Народа свайго.
О, якая ганебнасць у гэтых згадках!
О, які атрутны бяспамятства дым!..
Крый нас божа, калі і на нас
Нашчадкі
Паглядзяць,
Як мы
На таўраў
Глядзім.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Таўры - Уладзімір Караткевіч