Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Я еду зноў у мілую мне вёску

Я еду зноў у мілую мне вёску
Там хата ёсць – ніхто ў ёй не жыве…
Да ганку йду, мінаючы бярозку
Замок ізноў увесь заіржавеў

Бярусь за клямку кволаю рукою
Яна ў адказ ільдзінкаю звініць –
Што стала хата наша сіратаю
У тым няма, няма каго вініць

Стрымаць слязу ізноў не дам я рады
Зноў момант праўды ў сэрцы настае
Крыху сагнуўшысь, я заходжу ў хату
Як дзед калісь заходзіў у яе

Хаджу адзін па хаце без трывогі –
У гэты год ніхто не рваў прабой
і ногі праз высокія парогі
Пераступаюць бы самы сабой

Мне ўсё вядома тут да кожнай дошкі
Сучка ў дзвярох, шчылінкі ў сцяне,
і трэбa йсці – але яшчэ хоць трошкі
Пабыць у хаце хочацца так мне

Не бойся, не аддам цябе нікому
Ты – памяць продкаў, мост паміж вякоў
і на мяне з падзякаю іконы
Глядзяць са сцен ў абдымках рушнікоў…

Пара ісці. Яшчэ раз азірнуся
Хоць і няма нікога у вакне…
А прыйдзе час – навек сюды вярнуся
Каб ўжо нікуды больш не ехаць мне

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Я еду зноў у мілую мне вёску - Уладзімер Гардзейка