Верш Калючкі
К А Л Ю Ч К І
******************************
У кожнага часу ёсьць рысы свае,
Свае знамянальныя даты :
Пазіцыі Брэжнеў паціху здае,
А потым прыходзіць Гарбаты…
********************************
Настрой мой паляпшае
Ліцьцё пустой вады :
Ўжо нехта й запрашае
Мяне ў свае рады!..
******************************
Пад гром сумніўных перамог,
Пад гукі велічных “праграм”,
Яны забыліся, што Бог
Стварыў на сьціпласьці свой храм.
***********************************
Усім знаёмым я дарую –
І тым, хто зьнік, і хто жывы,
І тым, хто ў думках ладзіў збрую
Да вольнадумнай галавы.
************************************
Сустрэча, сухенькі ківок галавы,
Вачэй ганарлівыя долькі…
Спадарыня, родная, слухайце, вы
Мне сьмешная вельмі. І толькі!
************************************
Здабыўшы славу ды пашану
Ў тым “хоры”, зладжаным да поту,
Спытай: ” А кім я заўтра стану,
Калі вазьму не тую ноту?”.
************************************
Каб цукар адрозьніць ад солі,
Не трэба ні сварка, ні крык.
Даволі, спадарства. Даволі…
Сыпніце-ж хоць штось на язык!
*************************************
Калісь пасохнуць нашы рэкі,
Калісь лясы павыміраюць,
Бо хто-ж зьнясе ўсе тыя зьдзекі,
Якія людзі вытвараюць?!.
************************************
Спыніся хоць раз між людскога патоку,
І быццам раздвойся. З другога ўжо боку
Зірні на сябе, акуляры прачысьць…
Ад гэтага, кажуць, бывае карысьць.
*************************************
Калі мастак малюе кветкі,
Не рызыкуе ён нічым :
Ёсьць круглы стол, і ёсьць аб’едкі,
А пра астатняе – змаўчым…
************************************
З зборніка вершаў “Па-над Фінскай затокай”
Эстонія, Йыхві, 2013 г.