Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Запавет сыну

Не прадаць, не зганьбіць, не пакінуць
Роднае і крэўнае ў бядзе.
Запавет такі рыхтую сыну,
Каб у згодзе жыў сярод людзей.

Мала выпадковую падкову
Над дзвярыма новымі прыбіць.
І зусім, мой сын, недастаткова
Не згубіць, не ўкрасці, не ўгнявіць.

Мала не судзіць, не спакушацца,
Не манахі шчаснымі былі.
Так патрэбна вольным называцца
На святой ад прадзедаў зямлі.

Так патрэбна мець яе кавалак,
З белай назвай свята й чысціні.
І, напэўна, мала, вельмі мала
Быць як вершнік горды на кані.

Насамрэч жа ні сцягі, ні зоркі
Не гартуюць гэтак пачуццё,
Як да родных ніваў і ўзгоркаў
Хіліцца пяшчотаю жыццё.

Бласлаўляю ў шлях цябе складаны,
Дзе лаўровы не дадуць вянок.
І не ён збаўляе ад заганаў,
Іншы табе трэба, мой сынок.

Той, які каханая жанчына
Жартам пакладзе на валасы.
Мой ты любы, мой ты родны сыне,
Для цябе – Радзімы галасы.

Мала на руках не мець аковаў.
Што з той волі, як душа маўчыць?
Трэба роднай, спадчыннаю мовай,
Як бясцэнным дарам даражыць.

Больш жадаць нічога не бяруся.
Многа – без граху і без спакус,
Мала нарадзіцца беларусам,
Неабходна ЖЫЦЬ як БЕЛАРУС.

2013, у кнізе “Пакуль кахаю…” выдавецтва “Чатыры чвэрці”, г. Мінск

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Запавет сыну - Тамара Мазур