Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш КАМЯНІ

Тут камяні растуць з зямлі,
Бо тут – таксама іх краіна.
Над імі леднікі былі,
Як нас і не было ў паміне.

Як сімвал вечнасці яны
Зямлёй узрошчаны, як памяць,
Як захаванне ад маны,
Якая часта часам правіць.

І над магіламі ўстаюць
Каменні, пліты, абеліскі.
І з цягам часу не даюць
Забыць людзей вялікіх, блізкіх.

Тут камяні растуць з зямлі,
Бо тут – таксама іх краіна.
Тут доўга камяні жылі,
Пакуль нас не было ў паміне.


Верш КАМЯНІ - Таццяна Пратасевіч