Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Токам цякуць

Токам цякуць да канчаткаў нервовых клетак
Думкі, твой голас, гарачыня… Прагноз
Зноўку змяняецца: у трэцім трыместры лета
Сонца і сэрца працуюць нібы на знос.

Дыск дагарае і хутка зямлі кранецца,
Зменіць свой колер і ў бездань сыдзе на трэць…
Сонца адпрацавала, рыхтуйся, сэрца –
З гэтага часу табе за дваіх гарэць.

Вечар падрыхтаваў хваляванняў дыбу,
Бессані абцугі, адзіноты клець…
Сэрца, не наракай: ты зрабіла выбар –
Свой самастойны – і ён на карысць “хварэць”.

Вось і хварэй – з непадробным, жывым азартам!
Небу не скардзіся – Неба тут ні пры чым!
… Гэта пакута – быць вечна чыімсьці катам,
Гэта каханне – пакутаваць без прычын.
31.12.2012

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Токам цякуць - Сяргей Махнач
 »