Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Род

Высокі род. Разбураны палац

Ці хата, што на тым жа самым месцы

Раз дзесяць будавалася.

Глядзяць

Праз вокны продкі,

А жыве там – вецер.

Род.

Кроў яго ўбірае, бы рака,

Дабро і зло і рысы вызначае,

З якімі сын твой будзе ці дачка

Жыць з ганьбаю, са славай ці звычайна.

Не выдумка блакітнае крыві,

А ісціна разумнае істоты –

Свой ведаць род і гонар радавы

І рушнікі захоўваць, і кляйноды.

У свеце адасобленых няма.

І ты – камень у бруку ці ў кароне.

Знайдзі свой герб.

І прадзеда імя

Успомні.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 4,00 out of 5)

Верш Род - Людміла Рублеўская