Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Пазабіралі дзяцей гарады

Пазабіралі дзяцей гарады.
Плачуць у вёсках дыхтоўныя хаты,
Рана старэюць ад чорнай нуды
Ганкі прыветныя, стройныя дахі.

Верна чакаюць-глядзяць на дарогу
Вочы хацін у аправе разной.
Цяжка паверыць – не вернеш былога,
Нельга змірыцца са стратай такой.

Пазабіралі дзяцей гарады.
Чым яны грэюць і радуюць сэрца?
Едуць нашчадкі ад продкаў туды,
Дзе ім зручней і камфортней жывецца.

Ці ж да падміргвання ранішняй зоркі
І разнатраўя бяскрайніх лугоў?!
Вабяць здалёк яны, ды не настолькі,
Каб адарвацца ад ліфтаў, метро…

Рэдкія стрэчы – вялікія святы,
Сумна мільгаюць гадзіны, гады…
Плачуць, старэюць вясковыя хаты –
Пазабіралі дзяцей гарады.


Верш Пазабіралі дзяцей гарады - Святлана Локтыш