Верш У павуцінні вуліц як заўгодна
У павуцінні вуліц, як заўгодна
Заблытаешся, дзе бы не пайшоў,
Так колісь разрасталася Гародня,
Пад бэрламі князёў і каралёў.
Калі ісці наўпрост Дамініканскай,
Дык праваруч убачыш добры дом,
Такі дыхтоўны, чысты, быццам панскі,
Відаць, у ім дастатак пьюць з нагбом.
А гасападар – банкір, вядомы ў месце,
У магістраце лаўнік колькі год,
І нават шыльд на доме не павесіў,
Бо без таго туды ідзе народ.
Мяняюць талер, солід і дукаты,
Яфімкі, барацінкі – сотні коп.
Мяняе срэбра – золата багаты,
А медзякі сюды нясе халоп.
Але надоесь у карчме мясцовай,
Той, што на Рынку – добрая карчма!-
Мне давялося весці з ім размову
За куфлем піва, мабыць, да цямна.
Была як споведзь гэтая бяседа,
Неякавата нават мне было,
Бо я не ксёндз, каб спавядаць суседа,
І адпускаць правіны за сталом.
Магчыма, я не зразумеў дакладна,
Чым пакутуе гэты багацей,
Дастатак мае, ды і ў доме ладна,
Сыны і жонка – ўсё як у людзей.
Але іржа, ён кажа, точыць сэрца,
Нібы змяя атрутная грызе,
І ад яе няма куды падзецца,
Ні сна, ні паратунку анідзе.
Штодня, – казаў, – іду да езуітаў
Ды не таму, што моцны каталік,
Іду маліцца богу Яна Шмідта,
Які зрабіў нябёсы на зямлі.
Ці можна ажывіць сухое дрэва?
Ці, можа, Дух Святы, ці Бог-айцец,
Ці то ў Нябёсах Прысвятая Дзева
Яму вастрылі зорамі разец?
А як засну, дык мроіцца – казаў ён,
Што гэта я працую ў алтары,
Што гэта я Пятра і Паўла стаўлю,
І Глорыю святую на гары.
Што гэта мне разец дае ў далоні
Святы анёл, каб я рабіў багоў,
Што гэта я ў касцёльнае сутонне
Нясу агмень з небесных берагоў.
А як прачнуся, – ён казаў, – дык з ранку
Ў далонях не разец, а марны грош,
Дукат ці талер, толькі не кіянка.
Талант! Талант! Не далато, не нож!
А як памру, што па сабе пакіну?
Гаршчок дукатаў? Камяніцу? Пляц?
Фундуш касцёльны? Ці кліентаў сыну?
Ці гэта варта высілкаў і прац?
Ён замаўчаў. Падняўся і пакрочыў.
Са скрухаю я ў след яму глядзеў,
І думаў, што, напэўна, хтось сурочыў,
Ад зайздрасці адпомсціцца схацеў.
А ён штодня выходзіць з камяніцы,
Вітаецца са мною мімаходзь,
А потым – да касцёлу, памаліцца.
Мо, дзякваць,
Што шчасце даў Гасподзь?
Ян Шмідт – рэзчык, аўтар алт ў Гродзенскім кафедрвльным касцёле.
Куль Святлана (ajsa), 6 -7.09.2011