Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Шаптуха

Шаптуха
Ірыне Шыбека
Памерлыя хаціны,
на плошчы – чарнабыл:
Наведаў я мясціны
Дзе у маленстве быў.

Язьмін, шыпшына, мальвы –
Здзічэлы палісад,
Амаль што пахавалі
Бабулін дом і сад.

За домам, дзе прысады,
Віецца дзікі хмель
І спіць, згубіўшы статак,
Драўляны журавель.

Нявідная палоска,
Як рыска на вадзе –
Сцяжына цераз вёску
На могілкі вядзе.

Пайду па той сцяжыне,
Калі б і не хацеў
Праз водар канюшыны,
Пад конікавы спеў.

На могілках з ускраю,
Дзе паламаны плот,
Шалёны бэз буяе
Ужо не першы год.

У бэзавай альтане
Дзе жоўтыя пяскі
Шаптуху пахавалі
Калісці землякі.

Над хворымі шаптала,
Над жытам у палях,
Ды цяжка памірала-
Здымалі з хаты дах.

Не зарастае глеба,
Прахнеюць рушнікі –
Не прабачае неба
Яўдохіны грахі.

Ці то з другой прычыны –
Наспела паміраць,
А не было жанчыны –
Замовы перадаць.

Ні ўнучкі, ні нявесткі –
А два былі сыны,
Адзін ляжць пад Брэстам,
Другі – каля Дзісны.

У бэзавай альтане,
Дзе жоўтыя пяскі
Замовы пахавалі
З шаптухай землякі.

Як некалі – малеча,,
Я не стрымаю слез:
Бэз надмагільны шэпча
На мой шчаслівы лёс

Ajsa, 9.08.2011.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Шаптуха - Святлана Куль