Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Блакітны (з нізкі “Вясёлка)

Не спяшайся, прысядзь на мінутку,
Пачакае прызначаны шлях,
Я прынесла табе незабудкі,
Што назолку збірала ў палях.

Свет вялізны! Дарогі-сцяжыны
Унясуць за круты небасхіл
Маладога саколіка-сына
Ад матулі, ад родных магіл.

Маеш розум, сумленне і крылы,
Будуць светлымі ночы і дні,
Можа недзе ля Ганга ці Ніла
У блакітную далеч зірні.

Што жыццё табе наканавала?
Можа цяжкую долю ля гор?
Ды і там, ля каменняў Урала
Углядзіся ў глыбіні азёр,

У блакіт незапэцканы, чысты,
Нібы рэкі радзімы тваёй,
Там, дзе слёзы крыніцы празрыстай,
Там, дзе цёплы туман над зямлёй,

Дзе бацькоўская хата прытуліць,
Дзе антонаўка спее ў садах,
Дзе блакітныя вочы матулі
У далёкі ўглядаюцца шлях.

Час ляціць ці павольна ці хутка,
Многа ў свеце дзівос і спакус.
Хай жа гонар дадуць незабудкі
Не забыцца, што ты – беларус!

14.08.12.
(Айса)

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Блакітны (з нізкі “Вясёлка) - Святлана Куль