Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Часам так здараецца, што ноччу

Часам так здараецца, што ноччу
Ты, хаця за дзень і прытаміўся,
Як бы толькі ў ложку не круціўся –
Да світання не заплюшчыш вочы.

І пры гэтым поўны ты жадання
Да Марфея завітаць у госці,
Але розум думае чагосьці
Пра касмаганічныя пытанні.

Думкі, бы міфічныя пачвары,
Ні на момант не даюць, спакою,
Круцяцца няспынна талакою,
Скачуць перад асавелым тварам.

Ад каго такая ўзнагарода,
Што падобна больш на пакаранне? –
Задаю я сам сабе пытанне. –
За якую ветлівасць ці шкоду?

Ці наогул могуць быць учынкі,
За якія можна расквітацца
Толькі ў дні бесперапыннай працы
Пазбаўленнем сна і адпачынку?

Нават як у галаву прыб’ецца
Архігеніяльная ідэя,
Я ж і азірнуцца не паспею,
Як сляда яе не застанецца,

А між тым мяне ізноў чакае
З ранку боль у скронях беспрыпынны,
Буду раздражняльны без прычыны,
І ўсе скажуць: “Зноў недасыпае”.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Часам так здараецца, што ноччу - Святаслаў Свяцкі