Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Плыві, наша песня, далёка!

Плыві, наша песня, далёка,
Па ўсіх акіянах плыві…
Над светам палаюць высока
Крэмлёўскія вежы Масквы.
Як сімвал прыгожае долі,
На зорах не гасне агонь –
Запалены сталінскай воляй,
Узлётамі думак яго.
Пры зорах магутная прыстань,
Дзе ў шчасці заводы, палі…
Сюды на маяк прамяністы
Са свету ідуць караблі.
Праходзяць яны непагоды…
I тут сустракае іх дзень,
Дзе Сталін жыве і народы
Саветаў наперад вядзе,
Дзе сінія, гордыя высі,
Дзе сіла не знае мяжы,
Дзе людзі навечна сышліся
Вялікаю дружбаю жыць;
Дзе песні, як сокалы, ўюцца,
Дзе мужныя твары людзей,
Дзе радасна гэтак смяюцца,
Як болей на свеце нідзе;
Дзе роўныя ўсе паміж роўных,
Дзе поўная сокаў зямля,
Дзе волі яснейшай законы
Выходзяць з трыбуны Крэмля.
Плыві-ж, наша песня, далёка,
Па ўсіх акіянах плыві…
Над светам палаюць высока
Крэмлёўскія зоры Масквы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Плыві, наша песня, далёка! - Пятрусь Броўка