Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На вельмі доўгім перагоне

На вельмі доўгім перагоне,
У час ліхіх, цяжкіх нягод,
Ты помніш, некалі ў вагоне
Мы сустракалі Новы год.
Было нам сцюдзена і золка,
А цесна так, што не ступіць,
А як хацелася нам ёлку
Сынку маленькаму зрабіць.
Але спрабуй зрабіць такое:
Усюды анямелы дол.
У Беларусі – побач хвоі,
Тут – ні яліначкі вакол.
Я глянуў у акно маркотна,
Ну хоць бы дрэўца дзе сустрэць.
I ледзь знайшоў праз вёрст мо сотню
Я саксаулавы дубец.
Ён з захапленнем быў сустрэты,
Хоць і нязграбны і крывы.
I абкружыў яго пры гэтым
Народ сяброўскі, франтавы.
Глядзіш, адзін нарэзаў шышку,
Другі істужак для галля,
I той, хто вёз для сына мішку,
Цішком паставіў ля камля.
Стары салдат задумна дукрыў:
– Калі б не гэтая вайна…
I пачапіў кавалак цукру
На “ёлку” ўдумны старшына.
Разліўся “ёлкі” бляск наўкола
Сярод ваеннае зімы.
I быў маленькі наш вясёлы,
Павесялелі ўсе і мы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш На вельмі доўгім перагоне - Пятрусь Броўка