Верш Дзед Тарас
За сялом,
На узгорку,
Дзе лесу пачатак,
Перамытая сонцам,
Дажджамі і часам
Дажывала старэчая хата
Дзеда Тараса.
Мы яе аднавілі,
Працавалі у дзве змены…
(Час зусім быў малы –
дзеду грукала сто.)
Мы паклалі падруб,
Пакляй выбілі сцены,
З дошчак зладзілі новых
Падлогу і столь.
І мы ідзем да яго
Прывітаць з новым годам
У адноўленай хаце.
Каля ганку бяроза,
Яго аднагодак
Нас чакае на варце.
Добра знаем,
Што зроблена мала…
Нам-жа вочы не засціць, –
Яшчэ не усё,
А кавалак вялікага шчасця
Мы у сэрцы нясем,
Што калгасны пастух
Дзед Тарас будзе рады;
Знае ён,
Што таго аднаму не зрабіць –
Колькі дзён
Камсамольская наша брыгада
Паляпшала яго дабрабыт.
І цяпер
Мы зусім у святочным настроі
Узыходзім
На ганак яго весялей…
Пераходзім парог –
Пахне свежай смалою,
Першым снегам
Іскрыцца абрус на стале.
Можа сотню маланак
Раскінулі лямпы на сцены,
Што, як люстра, кругом.
Сустракае Тарас;
Валасы яго белаю пенай
Узняліся над гордым ілбом.
Гарнітур з-пад іголкі,
І кашуля з узорам на дзіва.
Ён вітае ўсіх нас
З урачыстасцю нейкай…
І ківаюць са сцен
Пагаджальна маўкліва
Берасцяныя трубы,
Ражкі і жалейкі.
Потым
Садзіць усіх
Каля століка ўздоўж,
Дзе бліны,
Як гара, узняліся…
І малодшая ўнучка
У трыццаць гадоў
Нам падносіць з павагаю
Поўныя місы.
Роўна ставіць у рад
Кубкі з мёдам пахучым,
І, здавалася, быццам
Вось толькі з ракі
Рыбы б’юцца хвастамі
На патэльнях пякучых,
З розных пушчаў у талеркі
Прышлі барвікі.
Смажаніны кругом,
Толькі ведай – бяры.
Агуркі пасярэдзіне
Леглі градою,
Залатыя галовы
Схілілі сыры,
І па хаце запахла
Кругом сырадоем.
І па хаце
Пабегла гаворка і смех.
Мы-ж,
Узняўшы ўсе кубкі,
Сказалі Тарасу:
– Ты заслужаны ў нас чалавек,
Табе сотня гадоў…
Не злічыць працадзён,
Што ты маеш ў калгасе.
І ў цябе
Яшчэ многа юнацкай крыві,
І як сонца
Прыносіць вясну у прыполле,
Як рассыплюцца стрэлы
Вясёлай травы,
Ты яго спатыкаеш
I праводзіш на полі.
Тваё войска выходзіць
На багатую пашу,
І ты граеш яму,
Ды з любоўю такой,
На трубе берасцянай
Зялёныя маршы,
Што чуваць, як у вымя
Ідзе малако.
І за сотню гадоў,
Што сягоння сустрэлі мы,
I за тыя, што будуць
Яшчэ у жыцці, –
Мы цябе адзначаем
Музычнаю прэміяй,
Толькі знай, што круці, –
І мы бачым,
Як горда яго галава,
Як яснее яна
Ад вялікага часу…
І да самае раніцы
Ленскі спяваў
Першы раз у жыцці
У хаціне Тараса.